Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Следчага камітэта аб зніжэнні ўзросту надыходу крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў з 16 да 14 гадоў. Аб гэтым 4 снежня ішла размова на нарадзе па пытаннях процідзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сярод прапаноў, агучаных на нарадзе старшынёй Следчага камітэта Валянцінам Шаевым, – увесці і ўзмацніць крымінальную адказнасць за збыт наркотыкаў, калі чалавек, які іх ужыў, пасля гэтага памёр.
Валянцін Шаеў таксама звярнуў увагу на распаўсюджванне фактаў збыту псіхатропных рэчываў асобамі, якія не дасягнулі 16 гадоў. У сувязі з гэтым СК прапануе знізіць узрост надыходу крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў з 16 да 14 гадоў.
Следчы камітэт выступіў з прапановамі і ў частцы работы з наркаспажыўцамі. Так, стымулам для добраахвотнага лячэння ад нарказалежнасці можа стаць крымінальная адказнасць за спажыванне наркатычных сродкаў, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж дзеянні. Акрамя таго, СК прапануе заканадаўча замацаваць магчымасць прымусовага медыцынскага агляду на наяўнасць наркатычнага ап’янення. На гэты момант для прымусовага агляду наркамана, па сутнасці, няма ні прапрацаваных механізмаў, ні законных падстаў, канстатаваў Валянцін Шаеў.
У Следчым камітэце таксама лічаць, што для каардынацыі барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў трэба выпрацаваць доўгатэрміновую стратэгію адпаведнай дзяржаўнай палітыкі і зацвердзіць яе на ўзроўні акта кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў гэтыя прапановы. “Трэба панізіць узрост – паніжайце. А ў плане агляду – наогул вельмі добра. Гэта даўно трэба было зрабіць!” – сказаў Прэзідэнт.
GIPHY App Key not set. Please check settings