Генеральная пракуратура занепакоена ростам нарказлачынстваў сярод падлеткаў, заявіў журналістам генпракурор Андрэй Швед перад пасяджэннем калегіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўнае пытанне, якое сёння будзе разглядацца на пасяджэнні калегіі Генпракуратуры, – прафілактыка хранічнага алкагалізму, наркаманіі і таксікаманіі. Органы пракуратуры па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў бягучым годзе вывучылі гэта пытанне і выявілі шэраг сістэмных недахопаў у рабоце як дзяржаўных органаў, так і суб’ектаў прафілактыкі гэтых негатыўных з’яў.
“Па-першае, нас вельмі моцна непакоіць праблема, – сказаў Андрэй Швед. – У мінулым годзе ў параўнанні з 2020 годам было выяўлена ў чатыры разы больш злачынстваў, звязаных з уключэннем дзяцей у нарказлачыннасць. Вельмі непакоіць і тое, што ў мінулым годзе таксама ў некалькі разоў больш выяўлена і прыцягнута да адказнасці падлеткаў, якія займаліся збытам наркотыкаў”.
Генпракуратура звязвае такую сітуацыю з актыўнасцю праваахоўных органаў, якім у пачатку мінулага года кіраўніком дзяржавы была пастаўлена задача карэнным чынам змяніць падыходы да барацьбы з нарказлачыннасцю. Лічбы сведчаць аб актывізацыі работы праваахоўнага блока.
У бягучым годзе актыўнасць праваахоўнікаў не зніжаецца: выяўлена прыкладна на 25 працэнтаў больш злачынстваў у сферы незаконнага наркаабароту, дзе да адказнасці прыцягнуты непаўналетнія.
Паводле слоў генпракурора, распрацаваны комплекс мер па прафілактыцы ўчынення злачынстваў непаўналетнімі, звязаных з наркаспажываннем, нарказбытам і спажываннем псіхаактыўных рэчываў. “Нам неабходна сёння той комплекс мер, які мы распрацавалі, яшчэ раз абмеркаваць і самае галоўнае – забяспечыць яго рэалізацыю”, – адзначыў Андрэй Швед.
У пасяджэнні прымаюць удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Андрэй Іванец, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, намеснік міністра ўнутраных спраў – начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.-0-